21.04.17 – Кіна\канвеер: Аляксандра Ігнатовіч прадстаўляе фільм ‘‘Блакада” (Igor Bezinović, Харватыя, 2012)

“Блакада” рэжысера Ігара Безінавіча гэта ўнікальны погляд знутры на самы масавы, працяглы і палітычна найбольш значны студэнцкі пратэст у Харватыі за апошнія 40 год.

Пратэст пачаўся ў красавіку 2009 на факультэце гуманітарных і сацыяльных навук у Заграбе. Барацьба супраць камерцыялізацыі адукацыі і блакада універсітэцкіх аўдыторый працягваліся 34 дні. Паўстанне распаўсюдзілася на больш за 20 факультэтаў па ўсёй краіне і студэнцтва стала актыўным і значным палітычным суб’ектам.

Гэты фільм-даследаванне прадстаўляе погляд на дэмакратыю без вертыкальнай іерархіі, яе ўтапічны дух і далікатнае асяроддзе. Фільм-маніфест аўтаноміі, ідэалаў, прамога дзеяння; і гісторыя, якая паўтараецца…

Ігар Безінавіч нарадзіўся ў Рыекі (Харватыя) ў 1983 г. Мае навуковую ступень па філасофіі і сацыялогіі ад факультэта гуманітарных і сацыяльных навук Заграбскага універсітэта, а гэтаксама з’яўляецца выпускніком факультэта Рэжысуры кіно і тэлебачання Акадэміі драматычных мастацтваў Заграба. Яго фільмаграфія ўключае кароткаметражныя дакументальныя і мастацкія фільмы; “Блакада” яго першы поўнаметражны дакументальны фільм.

УВАГА: фільм дэманструецца на мове арыгіналу з рускімі паднапісамі

Уступнае слова і мадэрацыя дыскусіі: Аляксандра Ігнатовіч