ІДЭЯ

Ад 12 да 28 лютага 2013 года ў Мінску ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” другі раз пройдзе выставачна-адукацыйны праект ARTES LIBERALES, Аўтар: перазагрузка.

ARTES LIBERALES – гэта мастацкі і адукацыйны эксперымент, які мае на мэце асэнсаванне “карысці” гуманітарнай адукацыі і неабходнасці вывучэння вольных мастацтваў у сучаснай сацыякультурнай і эканамічнай сітуацыі.

ARTES LIBERALES – гэта фестываль ідэй і арт-праектаў, створаных моладдзю, якая вывучае “вольныя мастацтвы” і імкнецца ў мастацкай і медыяльнай форме прапанаваць уласную інтэрпрэтацыю разнастайных падзеяў і феноменаў навакольнай рэчаіснасці.

ARTES LIBERALES – гэта цыкл адкрытых і захапляльных лекцый, майстар-класаў, дыскусій і круглых сталоў з удзелам найлепшых прафесараў і лектараў Беларусі і Еўропы; пры гэтым праграма акадэмічных мерапрыемстваў праекта ахоплівае ўсю гуманітарную прастору: ад тэорыі і гісторыі візуальных мастацтваў, гендарнай праблематыкі, арт-крытыкі і медыятэорыі да рэлігіі, культурнай спадчыны і філасофіі.

Такім чынам, ствараючы прастору і магчымасці для інтэлектуальных дыскусій і крэатыўных практык, праект дазваляе пераасэнсаваць каштоўнасць гуманітарных навук у сучасным свеце.

Тэматычным фокусам сёлетняй праграмы ёсць праблема аўтарства, якую мы прапануем пераасэнсаваць на скрыжаванні разнастайных дысцыплінарных падыходаў у гуманітарных і сацыяльных навуках і з улікам тых сацыяльных і культурных зменаў, якія прынесла з сабой “камунікатыўная рэвалюцыя” ўва ўсе сферы нашага жыцця.

У праграме:

• цыклы лекцый “Што новага ў новых медыях?”, “Гісторыя мастацтва: суб’ектыўны ракурс”;

• прэзентацыя новых выданняў у галіне сацыяльна-гуманітарнага пазнання, часопісаў па фатаграфіі (Volume) і дызайне (Faces);

• круглыя сталы, дыскусіі і семінары – “Набор гендарнага дэсанта”, “Толькі картаграфія? Зялёны Мінск”, “Гісторыя дызайну на мяжы”, “Музыка і аніматограф”;

• выставы каліграфіі (“Росчыркі бачнага”), скетчбукаў (“Майстар/клас” Сяргея Сялецкага) і фатаграфіі (пачаткоўцаў і ўжо вядомых аўтараў);

• майстэрні па графіці і стрыт-арце, сучасных плынях у музыцы, мастацтве каліграфіі і анімацыі ў выкананні вядомых беларускіх і літоўскіх мастакоў і дызайнераў, музыкаў і мастацтвазнаўцаў;

• а таксама разнастайныя творчыя конкурсы, паўдзельнічаць у якіх змогуць усе ахвотныя – незалежна ад полу, веку, статусу і настрою.

Дырэктар праекта – Альміра Усманава, каардынатар – Таццяна Бабіч, куратар выставы – Аксана Жгіроўская.

Гл.таксама:

Аўтар: Перазагрузка — артыкул Альміры Усманавай аб канцэпцыі праекта Artes Liberales 2013