Эпоха Рэвалюцый
2017 – год стагоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая настолькі радыкальна змяніла рух гісторыі і мапу свету. Як прыхільнікі, так і апаненты сацыялістычнага праекта перабудовы свету прызнаюць, што гэтая рэвалюцыя стварыла сапраўды тэктанічны зрух, які паўплываў на лёсы мільёнаў людзей і яшчэ доўга будзе вызначаць логіку палітычных падзей, эканамічных працэсаў і культурных трансфармацый. Мы аддаем даніну нашай калектыўнай гісторыі і робім пераасэнсаванне “савецкага” адным з галоўных тэматычных фокусаў нашай праграмы, але, тым не менш, мы хацелі б пашырыць праблемнае поле, звярнуўшыся да разгляду Ідэі Рэвалюцыі ў розных сацыяльных кантэкстах і тэарэтычных дыскурсах.
Палітычныя, тэхналагічныя, камунікатыўныя, культурныя і прамысловыя рэвалюцыі адбываліся на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва шмат разоў, хоць, мабыць, не з такой хуткасцю і частатой, які у апошняе стагоддзе.
Гаварыць пра іх як пра сінгулярныя Падзеі – складана і не карэктна, бо рэвалюцыйныя працэсы нярэдка зацягваліся на дзесяцігоддзі і нават стагоддзі. Гэта асабліва пэўна адносна навуковых адкрыццяў і эпістэмалагічных паваротаў. Часам гэта становіцца відавочным толькі на вялікай гістарычнай дыстанцыі. Наўрад ці сучаснікі Каперніка, калі выйшла яго праца De revolutionibus orbium coelestium (“Аб кружэнні (кружэннях) нябесных сфераў”), здагадваліся, наколькі рэвалюцыйным апынецца створаны ім пераварот поглядаў на Сусвет.
Змена навуковых парадыгмаў у сацыяльных і гуманітарных навуках часцей абазначаецца пры дапамозе панятка “эпістэмалагічны паварот”, але кожны з такіх паваротаў – лінгвістычны, антрапалагічны, афектыўны, візуальны, прасторавы і інш., – змяняе спосаб бачання свету і ўяўленне аб пабудове грамадства і “прыродзе” чалавека, вядзе да перагляду ўстойлівых даследчых парадыгмаў, да зацвярджэння новых метадаў, узнікнення новых даследчых аб’ектаў і нараджэнню новых дыскурсаў. Апроч таго, неабходна ўлічваць, што эпістымалагічныя павароты нярэдка маюць анталагічныя асновы: тэарэтычная оптыка і новая канцэптуальная мова фіксуюць тыя змены, якія адбываюцца, на самой справе.
Сучасныя дыскусіі аб палітычных пераваротах уключаюць у сябе не толькі пераасэнсаванне досведу класічных рэвалюцый (18-20 стст.), але і аналіз нядаўніх падзеяў (такі як рух Occupy Wall Street ці “паўстанні мас” у Егіпце і іншых краінах), у святле якіх многія ідэі, сфармуляваныя марксісцкімі ці постструктуралісцкімі тэарэтыкамі другой паловы 20 ст., прачытваюцца ў іншым ключы. Сёння на першы план у разуменні Рэвалюцыі выходзіць не столькі ідэя сацыяльна-палітычнай перабудовы грамадства, колькі, хутчэй, усталёўка на перманентны супраціў “агменям ўлады”; пры гэтым супраціў яго тактыкі апісваюцца ў тэрмінах уцёкаў, зыходу і намадызму, а таксама “ліній знікнення”.
Такім чынам, у межах нашага праекта мы хацелі б абмеркаваць, як змянілася само ўяўленне пра “рэвалюцыі”, якую ролю ў гэтым граюць актуальныя ці нядаўнія падзеі, новыя тэорыі і практыкі. Як прыходзіць усведамленне таго, што “надышла новая эпоха” і што “сусвет ніколі не будзе ранейшым”? Як адбываюцца і зацвярджаюцца нябачныя рэвалюцыі у асобных абшарах сацыяльнага жыцця і ў навуковым пазнанні? І, нарэшце, якім чынам у сучасных палітычных перформансах, медыйных рэпрэзентацыях, а таксама ў мастаціх практыках актуалізуецца і перафармулюецца ідэя Рэвалюцыі.