16.04.16 – Лекцыя: Sound Studies (уводзіны)
16.04.2016 – 14:00
Лекцыя Паўла Няхаева: Sound Studies (уводзіны)
“Спачатку быў гук – і вібрацыі. Карцінка была потым. Вы чулі гукі, адчувалі вібрацыі, пах і смак раней, чым змаглі нешта ўбачыць. Галоўная крыніца гуку і рытму для нас – сэрца маці. Праз яе цела, як праз шматслойны нізкачастотны фільтр, мы чуем сусвет навокал. Мы не разумеем моваў, але паступова знаёмімся з інтанацыямі, рытмам, хуткасцю – адчуваем агульны контур моўнай плыні. Немаўляты здольныя адрозніць матчыну мову ад замежнай – і нават запомніць мелодыі з серыялаў, якія маці глядзіць, чакаючы дзіця.
Калі нам пашанцавала і мы здольныя чуць, гук суправаджае нас ўсё жыццё – як і жыцці вялікай долі жывых істотаў, што дзеляць з намі планету і чые галасы мы не разумеем. Па сутнасці, слых – гэта вытанчанае пачуццё дотыку. Сусвет дакранаецца да нашых барабанных перапонак – хвалямі гуку – малекуламі паветра. Чым мы адказваем суствету?
Наш слых, мозг, навыкі слухання эвалюцыянавалі не ў сучасным асяроддзі – яны пачалі складацца нават да ўзнікнення аграрнай, пісьмовай, потым індустрыяльнай культуры. Для нашых продкаў сусвет гучаў па-іншаму – пакуль цывілізацыя і індустрыя не змянілі гукавыя ландшафты па ўсёй планеце. Як гэта змяніла нас? Якім пачуюць свет наступныя пакаленні? Ці можа шум нашай (пост)індустрыяльнай паўсядзённасці быць нашай культурнай спадчынай?
Цывілізацыя, пабудаваная на перадаадоленні “дзікай натуры”, навучылася дзяліць гукі на добрыя і кепскія, карысныя і шкодныя, сфармавала сістэму, у якой чыстыя, абсалютныя гукі існуюць у сакральнай прасторы, асобна ад віруючага шуму і тлуму жыцця – у нашай музыцы і яе абстрактных нотных запісах.
Розныя супольнасці па ўсім свеце распрацавалі цэлыя сістэмы гукавой камунікацыі – і гэта не толькі мова нашых вуснаў, жэстаў і тэкстаў. Гэта мова рытуальных барабанаў, царкоўных звонаў, фабрычных гудкоў і электронных піскаў у супермаркетах. Мы развучыліся чуць прыроду, але вучымся разумець гукі машын. Механік на слых вызначыць, што не так са станком ці вашым джыпам, саўнд-прад’юсар здагадаецца, якая драм-машына грае ў модным музычным трэку – і раскажа, якія гукавыя эфекты ў ім прымяняліся. Але яны не змогуць ідэнтыфікаваць больш за паўдзясятка птушак, якіх мы прызвычаіліся проста ня чуць.
Мы прызвычаілся слухаць – і слухацца – бацькоў, старэйшых, настаўнікаў, жрацоў, песняроў, блазнаў, сілавікоў і правадыроў нашых плямёнаў. Але ці слухаем, чуем мы адзін аднога – і сябе?
З моманту вынаходніцтва масава-(рэ)прадукаваных гуказапісаў індустрыя стварае не толькі разнастайную музычную і аўдыё-прадуцыю – але і саміх слухачоў – нас. Як змяняюцца нашыя практыкі слухання і густы? У якой ступені яны ўвогуле для нас свае?”