14.04.16 – Дыскусія: Мастак як ІП?

14.04.2016 – 19:00

Дыскусія «Мастак як ІП? Калізіі „крэатыўнай эканомікі“ у лакальных каардынатах»

Паняцце «творчага работніка» у Беларусі, а таксама ягоных правоў і статусу вызначаецца і рэгулюецца Законам ад 16 снежня 1999 г. № 342-З «Аб творчых саюзах i творчым работнiку». Згодная яму, творчым работнікам_цай з’яўляецца «фізічная асоба, якая займаецца творчай дзейнасцю ў галіне культуры, мастацтва і іншай культурнай творчай дзейнасцю».

Гэты закон таксама прапісвае асноўныя правы і абавязкі творчых работнікаў_ц, іх права на працу (як на падставе дамовы, так і без яе), а таксама паказвае на тое, што культурная дзейнасць не з’яўляецца прадпрымальніцкай, «за выключэннем выпадкаў, калі яна накіраваная на сістэматычнае атрыманне прыбытку ад яе вынікаў» (гл. Арт. 17).

Гэта значыць з аднаго боку, у Рэспубліцы Беларусь існуе заканадаўчая база для легалізацыі працы творчага (культурнага) работніка. Нават пасля прыняцця Дэкрэта «Аб сацыяльным ўтрыманстве» было прынята Палажэнне, згодна з якім творчыя работнікі не падпадаюць пад катэгорыю «утрыманцаў», калі з'яўляюцца чальцамі творчых саюзах
альбо маюць Сертыфікат творчага работніка, што выдаецца спецыяльнай камісій Міністэрства Культуры РБ. З іншага боку, акрамя мінімальнай запатрабаванасці дзейнасці творчага работніка ў Беларусі (толькі малы працэнт мае магчымасць жыць са сваёй творчай дзейнасці), сумніўнымі застаюцца іх грамадскі статус і правы. І нягледзячы на ​​прапісанае палажэнне аб тым, што творчая дзейнасць не з’яўляецца камерцыйнай, зарэгістравацца ў статусе ІП (рамесніка) альбо камерцыйнага прадпрыемства з’яўляецца самым простым і надзейным спосабам для легальнага ажыццяўлення сваёй дзейнасці

(трэба разумець, што падатак у такім выпадку выплачваецца такі ж, як і з іншых ІП, якія ажыццяўляюць камерцыйную дзейнасць).

Падчас дыскусіі будуць закранутыя пытанні: умовы працы для мастакоў і культурных работнікаў у Беларусі і за мяжой; сацыяльная абарона і гарантыі будучага; неабходнасць прафсаюза: за і супраць і інш.

У дыскусіі прымуць удзел мастакі і мастачкі, арт-менэджеры_кі, куратары_кі і інш.