14.04.15 – “Чарнобыля ніколі не было” ці нябачны бок мірнага атама

14.04.2015 – 16.00

Лекцыю чытае Андрэй Сцяпанаў

Прайшло амаль 30 гадоў з моманту аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС), якая па сваіх маштабах і наступствах ператварылася ў катастрофу. Чарнобылем цяпер завецца многае: і камп’ютарныя гульні, і фантастычныя раманы, але асноўны яго сэнс — гэта месца, адкуль пачалася атамная катастрофа, іншае месца, ніяк не звязанае з населеным пунктам Чарнобыль. А ці быў Чарнобыль на самай справе ці гэта вынік перапляцення палітычных стратэгій і практык, якія ўмела навязваюць тое ці іншае бачанне катастрофы на ЧАЭС? А ці быў Чарнобыль тым самым «антрапалагічным шокам», апісаным Ульрыхам Бэкам адразу пасля катастрофы ў 1986 годзе, закліканым змяніць ўяўленні пра рызыку і палітыку, пра тэхнікі і тэхналогіі? Дадзеныя пытанні актуальныя і пасля катастрофы на Фукусіме. Як ні дзіўна, Чарнобыль адыходзіць на другі план, не толькі таму што гэта аварыя з мінулага “стагоддзя тэхналогій”, але і таму што, праблема Чарнобыля – гэта дэпалітызаваная праблема, выведзеная не толькі з палітычнага парадку дня, але і з поля палітыкі.