12.04.15 – Zona Opus Posth

12.04.2015 – 20:00

Zona Opus Posth

Прэм’ера інтэрактыўнага альбома
Канстанціна Яськова.

Выступаюць:

Канстанцін Яськоў – фартэп’яна
Алесь Цурко – генератыўная электроніка.

Інтэрактыўная старонка альбома
Паслухаць альбом на лэйбле SDNM

Аб альбоме:

«Зона opus posth, ці Народзіны новай рэальнасці» – кніга Уладзіміра Мартынава, якую я прачытаў у 2007 годзе. Тэкст стаў крыніцай натхнення для генерацыі шэрагу ідэй, пазней увасобленых у некаторых маіх творах. Адна з тых ідэй – паглыбленне ў калектыўнае несвядомае праз медытатыўнае сузіранне сімвалаў і знакаў культуры – была рэалізаваная ў 2009 годзе ў творы «Зона opus posth, ці…».

«Зона opus posth, ці…» уяўляе сабою каталог з 8-мі частак. Кожная частка – канструкцыя, якая складаецца з некалькіх узаемазвязаных кампанентаў: назвы, прысвячэння, графікі, што прадугледжвае аўдыё-ілюстрацыю на фартэпіяна, і інтэрнэт-эпіграфаў.

  • – Усе назвы запазычаныя з музычнай літаратуры XIX-XX ст. («Гульня вады», «Шыбеніца» – п’есы Морыса Равеля; «Стронга» – песня Франца Шуберта; «Расінкі» – п’еска для дзяцей Самуіла Майкапара; «Матылькі», «Blumenstück» – п’есы Роберта Шумана; «Блукаючыя агні» – эцюд Феранца Ліста; «Крокі на снезе» – прэлюдыя Клода Дэбюссі).
  • – Кожная частка цыкла прысвечаная таму ці іншаму сучаснаму кампазітару, ў творчасці якога есці твор(ы) з ідэнтычнай ці блізкай па сэнсе назвай. Апошняя частка – «Шыбеніца» – прысвячаецца Аўтару як феномену культуры.
  • – Графіка – гэта малюнак, выкананы нотнымі знакамі, які літаральна ўвасабляе назву часткі.
  • – Аўдыё-ілюстрацыя прадугледжвае вельмі вольную расшыфроўку нотай графікі на фартэпіяна.
  • – Інтэрнэт-эпіграфы – цытаты з інтэрнэт-старонак, якія выдаў пошукавік з назвамі ў якасці запыту.

Каталог «Зона opus posth, ці…» мультыфункцыянальны і прадугледжвае незлічоную колькасць трактовак. Яго можна экспанаваць як цыкл нотна-графічных прац, выконваць на фартэпіяна як сюіту з 8-мі п’ес і г.д. Рознае змешванне аўдыё-графічных кампанентаў з Інтэрнэт-эпіграфамі можа служыць канвой для разнастайных мастацкіх акцыі (перформансаў, флэшмобаў і г.д.). Так ці інакш, «чытальнік» каталогу падобны да сталкера – ён адпраўляецца ў прастору сузірання досведа культуры, і вынік яго вандравання што раз непрадказальны.

У 2015 годзе па ініцыятыве Алеся Цурко на падставе аўдыё-іллюстрацый каталога быў створаны альбом «Зона opus posth». Альбом існуе ў дзвюх версіях: аўдыёзапіс і інтэрактыўная інтэрнэт-старонка. Абедзве версіі ўвасабляюць сузіральную, медытатыўную скіраванасць музыкі каталога.

Тэкст: Канстанцін Яськоў