ARCHIVE

Mental Force Festival

facebooksplash

22-23 траўня ў Мінску пройдзе фестываль электроннай музыкі і лайв-відэа – Mental Force. Сярод выступоўцаў – знакаміты аўдыё-візуальны дуэт Monolake (DE) & Tarik Barri (NL/DE), а таксама некалькі артыстаў, якія выступалі і на нашым фэсце: ism (Алег Няхай і Максім Багдановіч), I/DEX (Віталь Гармаш), Poltishiny (Алесь Цурко і Канстанцін Яськоў), Pavel Ambiont & Solar Olga.

Mental Force арганізаваны камандай двух беларускіх музычных лэйблаў – Foundamental Network і Force Carriers – пры падтрымцы Інстытуту імя Гётэ ў Мінску. Artes Liberales выступае ў якасці медыя-партнёра фестывалю.

Удзельнікі Mental Force Festival

Poltishiny

DSC_0006_

Усяго месяц таму адбыўся незабыўны выступ Канстанціна Яськова і Алеся Цурко (Алесь, дарэчы, ужо ўдзельнічаў ў Artes Liberales з інсталяцыяй 24H Solaris). Кампазітары працягваюць супрацу – і на Mental Force ўпершыню выступяць з новым імправізацыйным праектам – Poltishiny. Як і ў мінулы раз, гэта будзе спалучэнне празрыстай электронікі і фартэп’яна.

Apex Sphere

Аляксей Усіновіч (Mozes, Apex Sphere)

11 красавіка мы рабілі ў Планетарыі касмічны эмбіент-канцэрт Аляксея Усіновіча. На Mental Force Аляксей выступіць з тэхна-праектам Apex Sphere.

I/DEX

golem-harmash-02

Віталь Гармаш (I/DEX), які ў 2014 агучваў фільм “Голем”, не толькі зайграе новую музыку, але і падрыхтуе спецыальнае відэа, якое праграмуе сам.

ism

Музыка Алег Няхай і відэа-артыст Максім Багдановіч упершыню выступілі разам на Artes Liberales 2014, прэзентаваўшы супольны аўдыёвізуальны праект – вынік ўдзелу ў варштатах “Urban A/V Rhythms”, якія праводзілі Павел Няхаеў і Вольга Салахеева, куратары аўдыёвізуальнай часткі Artes Liberales.

Pavel Ambiont & Solar Olga

pavel ambiont and solar olga

Павел і Вольга таксама выступяць з A/V лайв-сэтам як Pavel Ambiont & Solar Olga – будзе тэхна і электра з апошніх рэлізаў Паўла, а таксама новы, яшчэ невыдадзены, матэрыял з новым відэа-сэтам.

Летась Вольга расказвала на нашым фестывалі, што такое Live Cinema і, нарэшце, з’явіўся першы беларускі праект у такім жанры – на Mental Force адбудзецца прэм’ера “жывога кіно”, знятага беларускімі артыстамі Alexei De Bronhe і Арцёмам Калініным.

Alexei De Bronhe & Artemiy Kalinin

Прыехаўшы ў Берлін мінулым летам са сцэнарам і камерай, Арцём і Аляксей шукалі актораў і здымалі проста на берлінскіх вуліцах, а ўжо праз месяц паказалі свой жывы тэхна-фільм у Рыме, на Live Cinema Festival. На Mental Force ж адбудзецца беларуская прэм’ера.

Khmarun & TXYZ

karelkina_img

Яшчэ адзін цікавы беларускі дуэт – Антон Хмарун і Вольга Карэлкіна з візуальна-матэматычнай суполкі TXYZ. Вольга, якая мае PhD па матэматыцы, адна з нешматлікіх пакуль лічбавых артыстак Беларусі, хто стварае відэа пры дапамозе мовы праграмавання Processing і спецыяльнага матэматычнага софту. Разам з Вольгай выступіць Антон Хмарун з лайв-сэтам у стылі deep-techno.

Monolake (DE) & Tarik Barri (NL/DE)

henke-bari

Robert Henke, вядомы сваім атмасферным тэхна-праектам Monolake – музыка, выкладчык, адзін з распрацоўшчыкаў праграмы Ableton Live – рэвалюцыйнага інструменту для жывых выступаў электронных музыкаў. Карані Робэрта ў берлінскай тэхна-культуры 90-х, алё ён заўсёды рухаецца ў авангардзе медыя-мастацтва – так, у апошнія пару год ён працуе над сваім лазерным 3D-шоў Lumiere. На фэсце Робэрт выканае музыку з новага альбому Monolake, які выйдзе толькі ў 2016 годзе. Звычайна гэтую музыку ён грае без візуальнага суправаджэння і святлавых эфектаў, але для Мінска зробіць выключэнне і выступіць з Тарыкам Бары, разам з якім яны ўжо некалькі год ствараюць эксперыментальныя аўдыё-відэа перформансы і мультымедыя-інсталяцыі.

Tarik Barri – аўдыёвізуальны артыст з архітэктурнай і псіхалагічнай адукацыяй, стварае складаную аб’ёмную графіку пры дапамозе ўласных праграмаў. Выступаў з Atoms For Peace (праектам Тома Ёрка з Radiohead), Flying Lotus, Nicolas Jaar. На Mental Force Робэрт і Тарык прадставяць аўдыёвізуальнае шоў на вялікім экране: футурыстычнае тэхна і генератыўнае відэа, мэта якога – стварыць пачуццё сінэстэзіі.

Тарык Бары даў цікавае інтэрв’ю для Mental Force, а на другі дзень фэсту Тарык і Роберт Хенке распавядуць пра свае творчыя метады і інструменты, якія могуць выкарыстоўваць сучасныя аўдыё і мультымедыя-мастакі.

22.05.2015 (21:00-05:00) – Studio67

MONOLAKE Live (DE) & TARIK BARRI (NL)
Alexei De Bronhe & Artemiy Kalinin
Pavel Ambiont & Solar Olga
Khmarun & TXYZ
Apex Sphere
Poltishiny
i/dex
ism

22.05.2015 (16:00-20:00) – Studio67

Лекцыі: Robert Henke, Tarik Barri.

Mental Force у сеціве:

Сайт – MentalForce.by
Падзея ў
Падзея ў VK

Фэст праходзіць у культурным цэнтры Studio67 – Мінск, Партызанскі праспект, 2А.