10.04.16 – Асаблівасці “працоўнай” практыкі сучаснага мастака,
10.04.2016 – 15:30
Лекцыя Антаніны Сераковай i Ганны Карпенка
Асаблівасці “працоўнай” практыкі сучаснага мастака, куратара, куратара-мастака і мастака-куратара
Мадэрнісцкі мастак, як фігура самотнага творцы, выглядае для нас археалагічным выкапнем. Сучаснае мастацтва, хутчэй, больш падобнае да добра арганізаванага бізнэс-працэсу са сваім штатам куратараў, арт-крытыкаў, даследчыкаў, журналістаў, падмайстраў, памочнікаў і проста працоўных, дзе фігура мастака – гэта фігура менеджэрская. Такія буйныя мастакі, як Ай Вэйвэй, Марына Абрамавіч – гэта ўжо, хутчэй, добра арганізаваныя карпарацыі, брэнды, за якімі хаваецца цэлая індустрыя. Як трансфармуецца праца мастака сёння? І адпаведна, як трансфармуецца само мастацтва як дзейнасць і інстытут? Вось цэнтральныя пытанні крэатыўных індустрый сёння.
У працэсе можам паказаць невялікія вытрымкі з фільмаў Ай Вэйвэя, Марыны Абрамавіч, “Выйсце праз сувенірную краму”, якія дэманструюць, як трансфармавалася праца мастака з мастака-творца ў мастака-менеджэра.
Другой фігурай сучаснай мастацкай прасторы, што прыцягвае ўвагу, робіцца куратар. У чым заключаецца яго праца, якія метамарфозы яна перажывала ў ХХ-ХХІ ст.? Фігура незалежнага куратара з’яўляецца ў спецыфічных эканамічных абставінах, калі стала магчымаю свабодная праца на сумежжы прадпрымальніцтва і мастацтва. І калі мастак з творцы паступова пераўтвараўся ў функцыю, то куратар з функцыі сёння перарос у паўнавартаснага творцу. Маніфеста, Дакумента, Венецыянскае біенале – гэта трыюмф куратараў, што захіляюць сабою працу мастакоў.
Як ажыццяўляецца праца незалежнага куратара ў беларускіх рэаліях, ва ўмовах эканамічнай сістэмы, якая імкнецца вызначаць контуры мастацкай прасторы (закон пра дармаедства ў дачыненні да мастакоў, складанасці з адкрыццём прыватных галерэй, адсутнасць падатковых прэферэнцыі пры ажыццяўленні арт-угодаў)?
Нарэшце, было б цікава, на прыкладзе праектаў Руслана Вашкевіча паказаць, як мастац робіцца пры пэўных абставінах куратарам. Якія крытэры мы (гледачы, арт-менеджэры, калекцыянеры) выстаўляем, ацэньваючы яго працу?