ІДЭЯ

Artes Liberales 2016 — Паэтыка працы

05.04 – 30.04.2016, Мінск

AL-LOGO

З 5 да 30 красавіка 2016 года ў галерэі «Ў» і іншых прасторах Мінска ў пяты раз будзе праходзіць мастацка-адукацыйны праект ARTES LIBERALES. На тры тыдні прастора галерэі «Ў» зноў пераўтворыцца ў адкрыты ўніверсітэт – даступны ўсім і кожнаму.

Тэматычны фокус праекта ў 2016 годзе – “Паэтыка працы”.

Слова “праца” звыкла асацыюецца ў большасці з нас са штодзённай рутынай, адчужаным часам, экзістэнцыйнай несвабодай. Асабліва, калі “дабытае кроўю і потам” не эквівалентнае высілкам, змарнаваным на зробленае. І тым больш, калі гаворка ідзе пра неаплочваемую прымусовую працу, якая не толькі не дае задавальнення, але і пазбаўляе чалавека годнасці. Аднак, адзін і той жа тып працы можа прыносіць радасць, альбо, наадварот, спараджаць адчужэнне, тады як задавальненне і ўзнагарода – не абавязкова ўзаемазвязаныя.

Нашае стаўленне да працы шмат у чым абумоўленыя не толькі ўмовамі працыі і ўзроўнем жыцця, але і нябачнай “працай ідэалогіі”, якая маскіруе эканамічныя стасункі і палітычныя інтарэсы. Масавая культура і медыя апынаюцца ў эпіцэнтры ідэалагічных пераменаў і вытворчасці розных дыскурсаў. Адпаведна, даследванне формаў і спосабаў рэпрэзентацыі працы з’яўляецца вельмі важным, калі мы хочам высветліць, наколькі “паслухмянымі” з’яўляюцца целы, што стварае пост-фардысцкая эканоміка, і ў якім mind set больш за ўсё зацікаўленае грамадства, дзе хуткім часе кожны другі будзе “беспрацоўным” (калі мець на ўвазе прэкарныя формы занятасці, якія на Беларусі, напрыклад, могуць быць кваліфікаваныя як “дармаедства”). Гэта дазволіць нам зразумець, як змянілася стаўленне да працу ў эпоху, калі межы паміж матэрыяльнай і нематэрыяльнай, фізічнай і інтэлектуальнай, аплочваемай і дармавой працай здаюццца амаль неадчувальнымі, а час працы і час адпачынку – амаль неадрозныя.

Такім чынам, праца – гэта не толькі эканамічная катэгорыя, але і аб’ект рэпрэзентацыі. Аднак аб’ект спецыфічны, няўлоўны і ў значнай ступені залежны ад ідэалогіі і тэхналогіі рэпрезентацыі: “услаўляць” канвеер, станок і зрабіць кінагенічнымі індустрыяльнымі аб’екты пад сілу толькі кінематографу, жывапіс тут бяссільны, тады як нематэрыяльную працу ў пост-фардысцкую эпоху патрабуе зусім іншых прыёмаў візуалізацыі.

Але што азначае «адлюстраваць» працу? Можна сфатаграфаваць рабочага за станком, даярку – на ферме, а мэнэджара – за кампутарам, але як зрабіць іхную працу бачнай? Напрыклад, як “адлюстраваць” нематэрыяльную працу – “лічбавую працу” ці “клопат”? Акрамя таго, якія менавіта людзі, ці, дакладней, людзі якой працы, – з’яўляюцца сёння культурнымі героямі, чыя “бачнасць” абумоўленая не іхным унёскам у “грамадска-карысную працу”, а заснаваная на зусім іншай логіцы (напрыклад, на логіцы пераходу ад “грамадства працы” да “грамадства спажывання”)? Што змянілася ў спосабах рэпрэзентацыі працы пры пераходзе ад індустрыяльнай эпохі да пост-індустрыяльнай, ад старых медыя да новых? Ці можам мы “счытаць” з экрана рэпрэзентацый (карціна, фотаздымак ці кіно) тыя калізіі і канфлікты, сацыяльныя і эканамічныя працэсы і адносіны, якія за гэтым стаяць? У якой ступені пэўны спосаб рэпрэзентацыі працы можа стаць важным для сацыяльна-крытычнага аналізу ўмоваў працы альбом формаў эксплуатацыі і адчужэння (інакш кажучы, што звязвае паміж сабой “Капітал” Маркса і фотаздымкі, які паказваюць бесчалавечныя ўмовы дзіцячай і жаночай працы ў 19 ст.)? Як мастацтва і медыя ўдзельнічаюць у рэпрадукаванні няроўнасці, маргіналізуючы, прыніжаючы ці робячы нябачным працу мігрантаў, жанчын, нізкааплочваемых рабочых, прадстаўнікоў непрэстыжных прафесій? Або, наадварот, як рэпрэзентацыі дапамагаюць / удзельнічаюць у здзяйсненні сімвалічнага прызнання праз бачнасць і роўнасць ва ў’яўленні?

Праграма ўключае некалькі тэматычных блокаў:

  • «Праца адным планам»: ад паэтыкі кіно да палітыкі рэпрэзентацыі
  • Нематэрыяльная праца: рэжымы «бачнасці»
  • Праца – паміж свабодай і прымусам
  • “Працоўны рэзеэрв”: гендар і праца ў (пост)індустрыйную эпоху
  • Мастак як ІП? Калізіі “крэатыўнай эканомікі” ў лакальных каардынатах
  • “Чалавек працы” у лічбавую эпоху, або будучыня кагнітарыяту
  • Дэіндустрыялізаваныя гарады і знікаючыя вёскі: новыя формы жыцця на руінах старога свету
  • Listening [to the] industry: слухаючы індустрыю \ індустрыя слухання
  • Візуальныя гісторыі індустрыялізацыі

Праграма падзеяў (* будзе дапаўняцца)