ІДЭЯ

Artes Liberales 2015 — Time Code

З 31 сакавіка па 17 красавіка 2015 году ў галерэі “Ў” (Мінск) чацвёрты раз будзе праходзіць выставачна-адукацыйны праект ARTES LIBERALES. На тры тыдні прастора Галерэі “Ў” зноў ператворыцца ў адкрыты універсітэт — даступны ўсім і кожнаму. Знаёмства з традыцыямі і навейшымі тэндэнцыямі ў вобласці розных сацыяльна-гуманітарных дысцыплін прапаноўваецца ажыццявіць праз сінтэз інтэлектуальных практык і творчых праектаў.

ARTES LIBERALES — гэта мастацкі і адукацыйны эксперымент, накіраваны на асэнсаванне значнасці гуманітарнай адукацыі і неабходнасці вывучэння вольных мастацтваў у сучасным грамадстве.

ARTES LIBERALES — гэта фестываль ідэй і арт-праектаў, створаных маладымі людзьмі, якія вывучаюць вольныя мастацтвы і імкнуцца ў мастацткай і медыяльнай форме прапанаваць уласнае бачанне навакольнай рэчаіснасці і спосабаў яе інтэрпрэтацыі.

ARTES LIBERALES — гэта цыкл адкрытых і займальных лекцый, майстар-класаў, дыскусій і круглых сталоў пры ўдзеле лепшых прафесароў і лектараў Беларусі і Еўропы. Праграма акадэмічных мерапрыемстваў праекта мае міждысцыплінарны характар і ахоплівае шырокую гуманітарную прастору.

Тэматычны фокус праекта ў 2015 годзе — Time Code

Панятак “таймкоду” непарыўна звязаны з гісторыяй кіно і іншых візуальных медыя, вызначаючы рытмы і рэжымы “мантажнага бачання” сучаснага чалавека. Аднак мы выкарыстоўваем гэты тэхнічны па сваёй сутнасці панятак у якасці ўсёабдымнай філасофскай метафары (як сімвалічны Код Нашага Часу), якая дазваляе асэнсаваць стасункі сучаснага чалавека з Часам (вялікім гістарычным часам і тэмпаральнай структурай нашай паўсядзённасці).

Вызначаючы Код Часу ў якасці цэнтральнай праблемы, у межах нашага праекта, мы паспрабуем не толькі зрабіць час “бачным”, але і ажыццявіць своеасаблівую “сінхранізацыю” ідэй, падзей і спосабаў “абыходжання” з Часам у розных междысцыплінарных кантэкстах, унутры і за межамі навуковых лабараторый і творчых майстэрняў.

Асноўныя мерапрыемствы праекта аб’яднаныя ў некалькі тэматычных блокаў:

Савецкі атамны праект: перыяд напаўраспаду
даследчая выстава “Крытычная зборка: людзі і атамы” (куратары — Галіна Арлова і Наталля Ненарокамава, на аснове “Обнінскага лічбавага праекта” (Расія), лекцыя “Атам у СССР: ядзерная энэргія ў масавай культуры Савецкага Саюза” (Максім Жук), “Ігналінская АЭС – выпрабаванне спадчынай. Рэфлексіі пасля візіту” (Сцяпан Стурэйка), “«Чарнобылю ніколі не было», ці нябачны бок мірнага атаму” (Андрэй Сцяпанаў), лекцыя Аксаны Гайко пра дакументальны тэатр (па матэрыялах спектакля “Чарнобыль”).
Усходне-еўрапейскае мастацтва ў крызісныя часы
майстар-клас “Куратарства ва ўмовах крызіса” і лекцыя “Мастацтва і нацыяналізм ва Усходняй Еўропе” (Эдзіт Андраш), дыскусія “Нацыянальны павільён на Венецыянаскай біенале” (з удзелам куратараў Беларускага і Літоўскага павільёнаў на Біенале ў 2015 годзе — Аляксея Шынкарэнкі і Вітаўтаса Міхалкявічуса), лекцыя «У сінхратроне даследванняў Усходняй Еўропы: беларускае мастацтва ў параўнальнай перспектыве» (Лена Прэнц і Аляксей Барысёнак), паказ фільма Марты Папіводы Cultural Worker 3 in 1”, лекцыя Мільяны Ісціянавіч “Temporary Forever” і інш.
Flashback/Flashforward: Медыя і Час  
дыскусія пра сучаснае малабюджэтнае (кароткаметражнае) і эксперыментальнае кіно, майстар-клас “Free run/Record run. Timecode” (Артурас Букаўскас), прэзентацыя анімацыйных фільмаў “Шапэн” і “Штраус” у межах дыскусіі “Час анімацыі” (з Ірынай Кадзюковай), лекцыя-перформанс “Symposium on Time” (Вітаўтас Міхалкявічус), лекцыя “Expel the (Zeit)geist! Friedrich Kittler on Media and Time” (Кястас Кірцікліс), майстар-клас “Журналістыка дадзеных і інтэрактыўная інфаграфіка ў Tableau” (Вадзім Шмыгаў).
“Узрост пола”
Цыкл мерапрыемстваў, арганізаваны Цэнтрам гендэрных даследванняў ЕГУ, які ўключае ў сябе прагляд відэа “Ба”, прэзентацыю даследванняў — “Прадпрымальныя бабулі”: гендэр, узрост і крос-гранічная мабільнасць” (Вольга Сасункевіч), “Апошнія магіканкі: пол, узрост і захаванне стараверскай традыцыі” (Уладзіслаў Іваноў), “Для тых, каму за… Парадоксы ўзросту жанчыны” (Ганна Шадрына), прэзентацыю гендэрнай бібліятэкі ў Менску і інш., а таксама дыскусію на тэму “Праблемы ўзроста і гендэра ў Беларусі”.
“Рытмы часу і прасторы”
Гэты блок складаецца з наступных актыўнасцяў – інсталяцыя і майстар-клас “Synthesizer” (архітэктурная супольнасць Monogroup), аўдыё-відэа-перформанс “Choven” і лекцыя “Украінская электраакустычная музыка — вытокі і фармаванне” (Ала Загайкевіч), лекцыі па картаграфаванню – частка I і частка II (з Бэнджамінам Коўпам і Андрэем Карпекай), аудыё-перформанс “Скрыптарытмія” і дыскусія “Soundscape of the Body” Вольгі Гапеевай і Дзмітра Ладэса, лекцыя-прэзентацыя Андрэя Савіцкага “Праграмаванне для музыкаў і медыя-мастакоў: ад open-source да камерцыйнага прадукта”, канцэрт Аляксея Усіновіча ў Мінскім планетарыі, прэм’ера інтэрактыўнага альбому Канстанціна Яськова і Алеся Цурко “Zona Opus Posth”, канцэрт групы “НагУаль” і інш.

Удзельнікі праекта:

Эдзіт Андраш (Вугоршчына), Галіна Арлова (Расія), Ала Загайкевіч (Украіна), Андрэй Вазьянаў (Расія), Бэнджамін Коўп (Вялікая Брытанія/Польшча), Лена Прэнц (Германія/Беларусь), Мільяна Ісціяновіч (Чарнагорыя), Марта Папівода (Сербія/Македонія), Агнешка Вішнеўска (Польшча), Артурас Букаўскас (Літва), Кястас Кірцікліс (Літва), Вітаўтас Міхалкявічус (Літва).

А таксама даследчыкі, мастакі і музыкі з Беларусі:

Ірына Кадзюкова, Андрэй Лянкевіч, Таццяна Шчытцова, Андрэй Горных, Вольга Гапеева, Зміцер Ладзес, Наталля Ненарокамава, архітэктурная супольнасць Monogroup, Аксана Гайко, Аляксей Барысёнак, Аляксей Шынкарэнка, Гера Глік, Вадзім Шмыгаў, Андрэй Савіцкі, група “НагУаль”, Канстанцін Яськоў, Алесь Цурко, Аляксей Усіновіч, Мікалай Гарбачоў, Уладзіслаў Іваноў, Вольга Сасункевіч, Вольга Петруковіч, Таня Сяцко, Ганна Шадрына, Вікторыя Канстанцюк, Галіна Русецкая, Андрэй Сцяпанаў, Максім Жук і інш.

Кіраўнаік праекта — Альміра Усманава

Куратарская група: Павел Няхаеў, Вольга Салахеева, Галіна Арлова, Наталля Ненарокамава

Каардынатар — Кірыл Калбаснікаў

Партнёры праекта ў 2015 годзе:

Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (Вільня), Галерэя “Ў”, , Музей Заіра Азгура, арт-прастора ЦЭХ, Цэнтр фатаграфіі, музычная суполка Foundamental Network, “Платформа перфарматыўных практык «зЕрне»”Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Праграма мерапрыемстваў і каляндар