19.04.16 – Дыскусiя: Хто набудзе мае перакананьні?
19.04.2016 – 19:00
Аляксей Талстоў
Хто набудзе мае перакананьні?
Магчымасьці манетызацыі палітычнай мастацкай практыкі ў Беларусі
Неакадэмічная дыскусія
Мала хто з сучасных беларускіх мастакоў непасрэдна кранаецца тэмы палітычнага ў сваёй творчасьці. Палітыка застаецца недзе ў цені, радыкальныя выказваньні ўвогуле адзінкавыя. На фоне аўтарытарнасьці дзяржаўнай сыстэмы аўтары часьцей спрабуюць пазьбягаць праблемаў, якія могуць узьнікнуць у зьвязку і зь яе крытыкай, і з абмеркаваньнем палітыкі ўвогуле. Таксама шырока распаўсюджана меркаваньне, што палітыка як “брудная справа” дэсакралізуе мастацтва, пазбаўляе яго ідэальнасьці, дэрамантызуе творцу, ператвараючы яго адно ў грамадзяніна. Палітычныя тэмы распрацоўваюцца з асьцярожнасьцю і доляй перастрахоўкі.
Разам з тым агучваючы сваю палітычную пазыцыю, мастак можа сутыкацца з праблемамі ня толькі з боку дзяржаўнага рэпрэсыўнага апарату. Рынак сучаснага мастацтва ў Беларусі вельмі невялікі, і на ім, безумоўна, дамінуюць старыя правераныя медыўмы. Манетызацыя відэа, пэрформансу, медыяарту і іншых формаў амаль немагчымая. Яшчэ меней шанцаў зарабіць на акцыянізме і іншых практыках, якія часьцей выкарыстоўваюцца для палітычных выказваньняў.
Ці хоча беларускі мастак гаварыць пра палітыку? Ці ёсьць магчымасьць зарабіць на сваіх палітычных перакананьнях? Ці можа палітычнае выказваньне быць запатрабаваным таварам і якая форма будзе тады найбольш прывабнай? Наколькі палітычнае мастацтва ўвогуле можа быць інкарпараваным у рынак, і дзе мяжа паміж перакананьнямі і камерцыяй?
Прапаную ўсім зацікаўленымы сабрацца і абмеркаваць гэтую тэму. Перадусім хочацца запрасіць неабыякавых практыкаў і творчых працаўнікоў. Дыскусія ня будзе мець жорстка вызначанай структуры, глыбокія тэарэтычныя веды не абавязковыя, аднак удзел абазнаных сьпецыялістаў вельмі вітаецца.