23.04.17 – УНОВІС як інструмент сусветнай рэвалюцыі духу
15:00
У студзені 1920 года ў Віцебскім мастацкім вучылішчы, куды увосень 1919 года быў запрошаны на выкладчыцкую працу адзін з лідэраў рускага авангарднага мастацтва Казімір Малевіч, паўстала група мастакоў-супрэматыстаў УНОВІС (рус. Утвердители нового искусства). У групе педагогаў і навучэнцаў, якая ствараецца вакол яго, Малевіч знаходзіць калектыў аднадумцаў, здольных адстойваць прынцыпы новага рэвалюцыйнага мастацтва і распаўсюдзіць ідэі супрэматызму ва ўсіх відах мастацкай творчасці, у духоўнай культуры. У лютым 1920 года ў Віцебску адбылася першая выстава УНОВІС, пастаноўка супрэматычнай оперы «Перамога над Сонцам» і супрэматычны балет. Пасля Усерасійскага з’езда навучэнцаў мастацкіх навучальных устаноў у чэрвені 1920 г. УНОВІС быў падтрыманы філіяламі арганізацыі ў шэрагу гарадоў Расіі: Смаленску, Арэнбурзе, Пермі і інш. Згодна ўспамінам Малевіча УНОВІС павінен быў стаць партыяй супрэматыстаў у мастацтве.
З дзейнасцю мастака і яго паслядоўнікаў звязаная шырокая мастацкая практыка, прадстаўленая на выставах аб’яднання, шэрагу выданняў, прысвечаных праблемам рэвалюцыйнага мастацтва, а таксама вопыт фарміравання новай педагагічнай сістэмы мастацкай адукацыі. Аб гэтых новых практыках, пра асаблівасці педагагічнай сістэмы, а таксама пра тое, якую ролю адыграў УНОВІС для культурнага ландшафту Віцебска распавядзе дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і сусветнай культуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, кандыдат мастацтвазнаўства, член Беларускага Саюза Мастакоў Аляксандр Лісаў.
Аляксандр Лісаў
Аўтар больш за 200 навуковых публікацый. Удзельнік міжнародных Кангрэсаў ICCEES ў Тампэрэ (Фінляндыя), Берліне (Германія), Стакгольме (Швецыя), канферэнцый у Расіі, Украіне, Літве, Латвіі, ЗША, Германіі, Францыі, Канадзе. Член Таварыства гісторыкаў рускага мастацтва і архітэктуры Усходняй Еўропы (SHERA), член Савета дырэктараў Міжнароднага фонду Эль Лісіцкага (Нідэрланды). Галіна навуковых інтарэсаў: выяўленчае мастацтва Беларусі 19-20 стст., гісторыя віцебскай мастацкай школы, мастацтва рускага авангарду, творчасць мастакоў рускага замежжа, творчасць Казіміра Малевіча і мастакоў яго кола, ранні перыяд біяграфіі і творчасці Марка Шагала, мастацтва Эль Лісіцкага.
На фотаздымку: Мікалай Суецін. Дызайн чыгуначнага вагона УНОВІС. Са збора Дзяржаўнага Рускага музея, Санкт-Пецярбург