13.04.17 – Лекцыі гісторыкаў: Іна Соркіна, Ірына Раманава, Сяргей Харэўскі

13.04.2017

18:00

Іна Соркіна: “Бунты ў імя свабоды: Змаганне жыхароў беларускіх мястэчак за страчаную волю і зямлю ў ХІХ ст.”

Ірына Раманава:“1937 год: як тэрор стаў Вялікім”.

Сяргей Харэўскі: “Зачараваныя рэвалюцыяй: лёсы мастакоў і архітэктараў Беларусі ў святле падзеяў 1917 года”


Падрабязней пра лекцыі:

Іна Соркіна: “Бунты ў імя свабоды”: Змаганне жыхароў беларускіх мястэчак за страчаную волю і зямлю ў ХІХ ст.

Лекцыя кандыдата гістарычных навук, дацэнта Іны Соркінай раскрывае некаторыя старонкі гісторыі “бунтаў” у мястэчках за страчаную свабоду і зямлю беларускіх мяшчан, запрыгоненых пасля ўключэння Беларусі ў склад Расійскай імперыі. Як змагаліся за свае правы ў ХІХ ст. жыхары беларускіх мястэчак? Што стала прычынай іх працяглай і ўпартай барацьбы з уладамі? Якія вынікі яна мела? Які ўнёсак зрабілі простыя местачкоўцы – частка так званай маўклівай большасці гісторыі – у прыспешванне адмены прыгоннага права, а таксама ў фарміраванне здольнай да самаарганізацыі грамадзянскай супольнасці? Пашукаем адказы разам!



Сяргей Харэўскі: “Зачараваныя рэвалюцыяй: лёсы мастакоў і архітэктараў Беларусі ў святле падзеяў 1917 года”.

Большасць інтэлігенцыі Беларусі з натхненнем сустрэла рэвалюцыйная падзеі, актыўна спрычынілася да стварэння новае культуры. Сярод іншых да гэтае працы спрычыніліся Марк Шагал, Александр Ахоло-Вало, Казімер Малевіч, Уладзіслаў Стрэмінскі і архітэктры Атон Краснапольскі і Станісалаў Шабунеўскі. Імі было створана багата твораў, што ўслаўлялі рэвалюцыйныя падзеі. Яны аддалі рэвалюцыі належнае ня толькі ў творчасці, але і ў тагачаснай публіцыстыцы. Неўзабаве, аднак, надыйшло расчараванне. Лёсы творцаў у Беларусі, урэшце, склаліся па-рознаму.



Ірына Раманава: “1937 год: як тэрор стаў Вялікім.”

Вертыкаллю Вялікага тэрора стаў Аператыўны загад НКУС СССР № 00447 “Аб аперацыі па рэпрэсаванні былых кулакоў, крымінальнікаў і іншых антысавецкіх элементаў” (ад 30 чэрвеня 1937 г.). Згодна з папярэдне (!) вызначанымі лічбамі кожны рэгіён СССР, кожная рэспубліка атрымалі свае нормы выкрыцця ворагаў народа. На правядзенне аперацыі адводзілася 4 месяцы. Аднак яна не скончылася ў тэрмін і цягнулася 14 месяцаў. У выніку ад жніўня 1937 да лістапада 1938 г. па СССР было арыштавана амаль утрая больш, а расстараляна ў пяць разоў больш. Фактычна адначасова быў праведзены шэраг аперацый супраць пэўных нацыянальнасцей (палякаў, немцаў, латышоў, літоўцаў, эстонцаў, фінаў, грэкаў, румын, балгар, кітайцаў, іранцаў, румын, афганцаў і інш.).

Неад’емнай часткай масавых аперацый 1937-1938 гг. сталі паказальныя судовыя працэсы рознага ўзроўню, якія былі накіраваны на мабілізацыю грамадства на выяўленне ўсіх відаў “ворагаў”. Першы “паказальны працэс у сельскай гаспадарцы” па СССР меў месца на Беларусі ў Лепельскім раёне. Па выніку правядзення такіх судоў у шэрагу раёнаў былі арыштаваны не толькі ўсе члены партарганізацыі, але і райвыканкама – у раёнах проста ліквідавалі бальшавіцкую і савецкую ўладу!


Размова пойдзе аб тым, як масавыя аперацыі праводзіліся ў БССР, якія ліміты атрымала рэспубліка, як беларускія кіраўнікі прасілі цэнтр аб іх павелічэнні, як гэтыя аперацыі ўплавалі адна на адну і колькі дзесяткаў тысяч чалавечых жыццяў каштавалі Беларусі.