08.05.2012 – “Бывай, Радзіма” / Прэзентацыя праекта Андрэя Лянкевіча
08.05.2012 – “Бывай, Радзіма” / Прэзентацыя праекта Андрэя Лянкевіча
Мадэратар – Альміра Усманава
Вайна ніколі не была для мяне чымсьці блізкім, блізкім у сэнсе эмацыйна. Яна была байкай пра «кожнага чацвёртага, што загінуў на Беларусі». Але ніколі не адчуваў гэтага асабіста, не было жалю, не было болю…
Заўсёды пытаў сябе: «Чаму пра вайну так шмат кажуць?». Адказ на пытанне знайшоўся такі ж суб’ектыўны, як досвед кожнага. Для мяне – гэта адказ на пытанне «ты хто?». Па крыві. Па сэрцы. Я – хто?
Мой бацька паходзіць з палякаў – Леапольд. Яго бацька – Блажэй. Прозвішча, што напісана на могілках дзеда і бабулі, – Lenkievicz, па-літоўску мае корань, што значыць «польскі». Па маці Ларысе кроў аб’яднала беларуску Соф’ю Тарасаўну і расейца Грыгорыя Іванавіча, маіх дзеда і бабулю.
І гэтыя розныя мае паловы прайшлі рознымі, але такімі самымі дарогамі праз вайну. Палякаў з Заходняй Беларусі, як тлумачыць бацька, не бралі ў войска – не было даверу. І з польскай маёй паловы толькі стрыечны брат бацькі працаваў на немцаў падчас вайны і пасля застаўся ў Польшчы. Як «жалезны мур» абваліўся, мы наведваліся да дзядзькі Антона – ён жыў лепш за нас… Усмешка лёсу – тры дні мы чакалі на мяжы на пераходзе ў Берасці, дзе кожны вечар над музеем пачыналася вайна, сапраўдная, з выбухамі і голасам Левітана. Бацька быў у войску тутака, дзе пачалася Другая Сусветная вайна для СССР. Мы стаялі тры дні там, дзе бацька быў тры гады.
Мой прадзед Іван – праваслаўны святар і «вораг народа». Сям’я дзеда страціла ўсё, калі прадзеда забралі. Шукалі птушыныя яйкі ў лесе… Але ад фашыстаў ніхто не загінуў. Нават баба Соня, родная сястра дзеда, перажыла блакаду Ленінграда.
Таму я пачаў вандроўку ў свет вайны, які разумею і ненавіджу, як і зброю.
Беларуская гісторыя цяпер пачынаецца вайной і ёй жа скончваецца: «Мы перамаглі», «Добрыя партызаны змагаліся супраць дрэнных фашыстаў»… Як мне зараз здаецца – і аб гэтым напісаныя кнігі незалежных гісторыкаў – вайна на Беларусі была больш грамадзянскай, чым сусветнай. Дзе і польская Армія Краёва, і украінская УПА, і літоўскія «лясныя браты», фашысты і паліцаі, і паміж імі – простыя людзі.
Амаль уся гісторыя сучаснай Беларусі сціскаецца да чатырох гадоў, гадоў вайны. Няма ў сучаснай беларускай прапагандзе нічога «да». Ёсць толькі «пасля», нашмат пасля ў 1991, 1994, 1996…
50% вуліц у Менску носяць назвы, якая маюць дачыненне да Другой Сусветнай вайны, г.зн. да Вялікай Айчыннай вайны. 30% – гэта імёны герояў. Вайсковы парад мусіць адбыцца, нават калі кожны год танкі пашкоджваюць каля 20 км асфальту толькі ў горадзе, і эканамічны крызіс не перашкода.
Я пачаў вандроўку з пачуццём, што на вайне не магло ўсё быць такім палярна добрым ці дрэнным. Але складаным і неадназначным. Так, габрэяў было шмат у партызанах – іх знішчалі фашысты, часам маглі выдаць і мясцовыя. У паліцаі ішлі не толькі падонкі і кар’ерысты – ішлі адпомсціць і за рэпрэсаваных сваякоў. І партызаны не былі святымі.
Фатаграфіі – гэта маленькія спробы паразмаўляць пра вайну, пра сучаснае стаўленне да яе. Адказы, як і досвед кожнага з нас – вельмі суб’ектыўныя.
Крыніца: http://znyata.com/novosti/byvaj-radzima-presentation.html
Фота: Вольга Шукайла