03.05.2012 – открытие “Artes Liberales, или рефлексия нон-стоп”
19.00 – урачыстае адкрыццё праекта
19.30 музычныя і VJ выступы:
- Арыф Александровіч & Андрэй Гаран — гітара/скрыпка/бібоксінг
- Pavel Ambiont & Solar Olga — ambient, spoken word \ poetry, techdub + відэа
- Uncou — deep techno, electro, idm
- DJ KorneJ — 2step, tropical bass
https://www.facebook.com/events/338608342860775/
Artes liberales, альбо рэфлексія нон-стоп
Ад 3 да 25 траўня ў галерэі «Ў» пройдзе ўнікальны выставачна-адукацыйны праект ARTES LIBERALES.
ARTES LIBERALES («вольныя мастацтвы») – так у антычным свеце называлі сукупнасць ведаў, якія павінен быў засвоіць свабодны грамадзянін. У эпоху сярэднявечча «вольныя мастацтвы», якія падзяляліся на «мастацтвы слова» – Trivium (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і «мастацтвы лічбы» – Quadrivium (арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка), разглядаліся як непарушная аснова ўніверсітэцкай адукацыі. Пры тым пад «мастацтвам» (ars) разумелася хутчэй не мастацкае майстэрства, а «практычная навука» – спосаб спасціжэння свету, заснаваны на развітым лагічным мысленні і сістэмна арганізаваных ведах, а тэрмін artista адносіўся ў першую чаргу да студэнта, якія вывучаў «вольныя мастацтвы».
Сёння тэрмінам вольныя мастацтвы зазвычай пазначаецца ўвесь комплекс гуманітарных дысцыплін, аднак у сучаснай сацыякультурнай сітуацыі (адной з характэрных прыкметаў якой ёсць заняпад класічнай універсітэцкай адукацыі і ўласцівых ёй каштоўнасцяў) прастора і магчымасці для вывучэння «вольных мастацтваў» імкліва звужаюцца. Логіка і ідэалогія «свабоднага рынку» дыктуе прагматычны выбар на карысць вузкіх спецыялізацый – з магчымасцю найхутчэйшай канвертацыі сімвалічнага адукацыйнага капіталу ў рэальны капітал. У такіх умовах выбар на карысць гуманітарнай адукацыі і вывучэння «вольных мастацтваў» як першага і неабходнага для станаўлення аўтаномнай і свабоднай асобы ўзроўню ўніверсітэцкай адукацыі ўспрымаецца як выклік, як сімвалічны пратэст – супраць дыктатуры рынку, «глухасці спецыялізацый» і засілля тэхнакратычнага мыслення, а яшчэ – як праява эканамічна неабгрунтаваных «паводзінаў» на карысць бескарыслівай любові да мастацтва…
Але ці маем мы права сцвярджаць, што непарыўная (як гэта падавалася цягам доўгіх стагоддзяў) повязь паміж словам і вобразам, паміж мастацтвам і гуманітарнымі навукамі, паміж навуковым спазнаннем і мастацкімі спосабамі спасціжэння свету, – карацей, усё тое, на чым грунтавалася класічная ўніверсітэцкая адукацыя і што забяспечвала шырыню поглядаў і глыбіню мыслення, – страчаная назаўжды? І ці так гэта насамрэч? Каму і якім чынам вывучэнне «вольных мастацтваў» можа прынесці карысць? Якім чынам звязаныя каштоўнасныя прыярытэты «грамадства ведаў» і эканамічная эфектыўнасць «крэатыўных індустрый» з культурнай традыцыяй і гуманітарным мысленнем? Якімі ёсць наступствы збліжэння класічнай гуманітарнай адукацыі і дыгітальнай культуры? Што адрознівае «вольныя мастацтвы» ад «інтэлектуальнага супермаркета», які прапануе нам тэлебачанне і Інтэрнэт? Якую ролю грае гуманітарная оптыка ў даследаванні разнастайных сацыяльных і культурных феноменаў? І нарэшце – чым можа дапамагчы мастацтва ў візуалізацыі і артыкуляцыі сацыяльна значных праблем? На гэтыя ды іншыя пытанні мы паспрабуем адказаць у межах нашага праекта.
Такім чынам, ARTES LIBERALES – гэта мастацкі і адукацыйны эксперымент, які мае на мэце асэнсаванне «карысці» гуманітарнай адукацыі і неабходнасці вывучэння вольных мастацтваў у сучаснай сацыякультурнай і эканамічнай сітуацыі.
ARTES LIBERALES – гэта фестываль ідэй і арт-праектаў, створаных моладдзю, якая вывучае «вольныя мастацтвы» і імкнецца ў мастацкай і медыяльнай форме прапанаваць уласную інтэрпрэтацыю разнастайных падзеяў і феноменаў навакольнай рэчаіснасці.
ARTES LIBERALES – гэта цыкл адкрытых і захапляльных лекцый, майстар-класаў, дыскусій і круглых сталоў з удзелам найлепшых прафесараў і лектараў Беларусі і Еўропы; пры гэтым праграма акадэмічных мерапрыемстваў праекта ахоплівае ўсю гуманітарную прастору: ад тэорыі і гісторыі візуальных мастацтваў, гендарнай праблематыкі, арт-крытыкі і медыятэорыі да рэлігіі, культурнай спадчыны і філасофіі.
Фактычна прастора галерэі «Ў» (прастора Ў-топіі і гетэратопіі адначасова) на тры тыдні ператворыцца ў пляцоўку «адкрытага ўніверсітэта» – даступнага для ўсіх і кожнага. Знаёмства з традыцыямі і найноўшымі тэндэнцыямі ў галіне разнастайных сацыягуманітарных дысцыплін прапануецца здзейсніць праз сінтэз інтэлектуальных практык і творчых праектаў.
Усе імпрэзы будуць суправаджацца цэлым шэрагам экспазіцый арт-аб’ектаў, выставай прац студэнтаў дызайнераў “Прастора адпаведнасці”, выставай студэнцкіх фота серый/праектаў “(Не)адназначнае”, праграмай відэафільмаў, анімацыйных прац, а таксама ды-джэйскімі і ві-джэйскімі праграмамі.
Дырэктар праекта: Альміра Усманава
Каардынатары праекта: Таццяна Бабiч, Вера Пахай, Валенцiна Лясун, Кацярына Сушко