09.04.16 – Круглы стол: сэкс-работа ці прастытуцыя

09.04.2016 – 14.00

СЭКС-РАБОТА ці ПРАСТЫТУЦЫЯ: ІНТЫМНАЯ ПРАЦА, ЗАДАВАЛЬНЕННЕ, ГВАЛТ, ЭКСПЛУАТАЦЫЯ

Круглы стол Цэнтра гендэрных даследванняў ЕГУ (сумесна з МГА “Гендэрныя перспектывы”)

Удзельніцы:

Ірына Альхоўка (Мінск), галава міжнароднага грамадсткага аб’яднання “Гендэрныя перспектывы”, чалец Нацыянальнага савета па гендэрнай палітыцы пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь.

Алена Мінчэня (Вільнюс/Лунд), даследчыца Цэнтра гендэрных даследванняў ЕГУ, дактарантка Ўніверсітэта Лунда.

Таццяна Працкевіч (Мінск), спецыялістка па маніторынгу і ацэньванні праграм прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі сярод жанчын, уцягнутых у сэкс-бізнэс, што рэалізуюцца РГА “Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА”, пад эгідай Глабальнага Фонда дзеля барацьбы з СНІДам, сухотамі і малярыяй.

Наталля Хадырова (Санкт-Пецярбург), чалец Каардынацыйнай рады Інстытута недыскрымінацыйных гендэрных адносінаў “Крызісны цэнтр для жанчын”, дацэнт Санкт-Пецярбургскага Дзяржаўнага Ўніверсітэта, аўтар кнігі “Сучасныя дэбаты пра прастытуцыю. Гендэрны падыход” (Алетэя, 2006).

Мадэратарка: Вольга Сасункевіч (Вільнюс), выканаўчая са-дырэктарка Цэнтра гендэрных даследванняў, лектарка ЕГУ.

З пункту гледжання стаўлення да сэкс-работы/прастытуцыі гендэрная супольнасць неаднародная. Частка заклікае да легалізацыі сэкс-работы/прастытуцыі, якая разглядаецца як звычайная работа і, адпаведна, павінная быць арганізаванаю па тых жа працоўных правілах, што і любая праца, звязаная са сфераю паслугаў. Супраціўнікі і супраціўніцы легалізацыі сэкс-работы/прастытуцыі не прызнаюць прастытуцыю працаю, сыходзячы з таго, што гэты занятак ня можа разглядацца ў якасці звычайнай эканамічнай занятасці, бо ён звязаны з эксплуатацыяй і сэксуальнай аб’ектывацыяй жанчын. Многія феміністкі выступаюць за тое, каб дэбаты пра сэкс-бізнэс/прастытуцыю ўключалі не толькі саміх работніцаў, але таксама і іх кліентаў. Так, некаторыя скандынаўскія краіны (Нарвегія, Швецыя) не легалізуюць сэкс-работу/прастытуцыю, але адначасова і не крыміналізуюць работніцаў. Яны выкарыстоўваюць стратэгію крыміналізацыі кліентаў.

Цягам дадзенага круглага стала сумесна з запрошанымі эксперткамі мы хочам абмеркаваць, якія дыскусіі вакол сэкс-работы/прастытуцыі існуюць сярод актывістак і даследчыцаў у розных краінах і да якой ступені вопыт Заходняй Еўропы ці Скандынавіі прымяняльны да постсавецкай прасторы. Якія сэнсы ўкладаюцца ў тэрміны “прастытуцыя” і “сэкс-работа”? Хто зацікаўлены ў палітыцы ігнаравання сістэмных фактараў у дачыненні да прастытуцыі? Мы пагаворым пра вартасці і недахопы розных падыходаў да канцэптуалізацыі і арганізацыі сэкс-работы/прастытуцыі, а таксама паспрабуем праясніць, ці з’яўляюцца адносіны, што ўзнікаюць пры здзяйсненні сэкс-паслугаў звычайнымі працоўнымі адносінамі і ў чым адрозненне сэкс-работы/прастытуцыі ад іншых формаў эканамічнай занятасці; чым адрозніваецца прастытуцыя ад згвалтавання; чаму сэкс-работай/прастытуцыяй часта займаюцца найбольш уразлівыя сацыяльныя групы і ці дапамагае легалізацыя сэкс-работы/прастытуцыі нівеляваць адносіны эксплуатацыі і няроўнасці.