Ралан Барт. Mots-clés/Ключавыя словы
Да 100-годдзя з дня нараджэння Ралана Барта
З 29 траўня па 13 чэрвеня 2015 года ў арт-прасторы «ЦЭХ» (Мінск) пры ўдзеле Французскай амбасады ў Рэспубліцы Беларусь і Лабараторыі візуальных і культурных даследванняў Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта (Літва) будзе праходзіць выставачны праект «Ралан Барт. Mots-clés/Ключавыя словы».
29 траўня, да адкрыцця выставы, будзе праходзіць тэарэтычны семінар «R/B: сучаснае прачытанне і рэцэпцыя ідэй Ралана Барта ва Усходняй Еўропе», з удзелам даследчыкаў з Беларусі, Расіі, Літвы.
У 2015 годзе спаўняецца сто гадоў з дня нараджэння Ралана Барта — выбітнага французскага мысляра, тэарэтыка літаратуры, кіно і фатаграфіі, які сыграў ключавую ролю ў фармаванні структуралісцкай і постструктуралісцкай тэорыі. Асаблівае месца Барта ў інтэлектуальнай гісторыі ХХ стагоддзя шмат у чым звязана з яго здольнасцю да пераадольвання межаў паміж рознымі культурнымі мовамі, імкненнем да разбурэння ўстояных канвенцый і дысцыплінарных нормаў, якія скоўваюць рух думкі. Прымяненне семіотыкі да аналіза ўлады і ідэалогіі з’явілася несумненным наватарствам Барта, распрацаваўшага канцэптуальны інструментар для дэмістыфікацыі, выкрыцця механізмаў улады ў самых незаўважных яе праяўленнях (будзь тое паўсядзённая мова, фатаграфія, ежа ці паўсюльісная рэкляма).
У постсавецкай прасторы французскі мысляр падаецца «сваім», добра вядомым і блізкім, дзякуючы перакладам асноўных яго тэкстаў на рускую мову, якія пачалі з’яўляцца з канца 1980-х гг. Але справядліва і іншае: «наш» Барт — насамрэч напісаў і зрабіў значна больш, чым мы здолелі засвоіць і асэнсаваць. «Невядомы» Барт, магчыма, — яшчэ больш значны і актуальны, чым той, якога мы ведаем. Асабліва з цягам часу — зменай культурных кодаў, мутацыяй палітычных рэжымаў і зменай інтэлектуальных парадыгмаў.
Якія канцэпты сярод тых, што выкарыстоўваў ці распрацоўваў Ралан Барт, бачацца нам сёння як найбольш эўрыстычныя і карысныя — як у даследчай працы, так і ў мастацкіх практыках? Якім «рэхам» адбіваюцца яго ідэі і інтуіцыі ў колах мастакоў, філосафаў, пісьменнікаў ці архітэктараў?
Як мы ўспрымаем разрыў паміж структуралісцкімі і постструктуралісцкімі ідэямі ў святле нашай уласнай інтэлектуальнай гісторыі? Якія «інструменты» бартаўскага аналізу выяўляюцца найбольш карыснымі і запатрабаванымі ў эпоху лічбавай «тэкстуальнасці» і ў кантэксце новых тэхналогій?
Гэтыя і іншыя пытанні будуць абмяркоўвацца на аднадзённым семінары: R/B: сучаснае прачытанне і рэцэпцыя ідэй Ралана Барта ва Усходняй Еўропе (гл. праграму семінара — тут).
Мэта семінара — абмеркаваць сэнс і «эфекты», звязаныя з рэцэпцыяй ідэй Ралана Барта ва ўсходне-еўрапейскім і постсавецкім кантэкстах.
Дзякуючы падтрымцы Амбасады Францыі ў Рэспубліцы Беларусь у семінары возьме ўдзел Сяргей Зенкін (Расія) — культуролаг, літаратуразнаўца, перакладчык тэкстаў Ралана Барта, Жоржа Батая, Жана Бадрыяйра, Жыля Дэлёза і інш. французскіх тэарэтыкаў.
На выставе Mots-clés/Ключавыя словы будуць прадстаўленыя калектыўныя і індывідуальныя працы маладых аўтараў, студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта (Вільня, праграма «Візуальная культура і крэатыўныя індустрыі»). Аўтары праектаў прапануюць пераасэнсаваць творчасць Ралана Барта праз аўдыёвізуальныя «выказванні» на тэмы, што закранаюцца ў працах «Сістэма моды», «Трэці сэнс», «Camera Lucida», «Міфалогіі», «Фрагменты маўлення закаханага»).
Выстава мае эксперыментальны характар, паколькі тэарэтычныя паняткі Ралана Барта, прадстаўленыя ў мастацкай форме, па сутнасці пераўтвараюцца ў самастойныя візуальныя тэксты. Адчуць голас аўтара з уласцівымі толькі яму інтанацыямі, «пабачыць мову» і ўспрыняць тэкст пачуццём можна будзе дзякуючы ўключаным у экспазіцыйную прастору выставы фрагментам «мовы» Ралана Барта, прадстаўленых у тэкстуальнай форме, аўдыё і відэазапісах.
Адкрыццё выставы — 29 траўня а 20.00, арт-прастора «ЦЭХ» (адрэса — вул. Кастрычніцкая, 16).
Партнёры праекта:
Амбасада Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (Вільня), Арт-прастора «ЦЭХ», Samsung, Галерэя Ў, TUT.by