Аўтар: Перазагрузка
Тэматычным фокусам сёлетняй праграмы ёсць праблема аўтарства, якую мы прапануем пераасэнсаваць на скрыжаванні розных дысцыплінарных падыходаў у гуманітарных і сацыяльных навуках і з улікам тых сацыяльных і культурных зменаў, якія прынесла з сабой «камунікатыўная рэвалюцыя» ўва ўсе сферы нашага жыцця.
У кантэксце абвешчанай французскімі тэарэтыкамі амаль паўстагоддзя таму сімвалічнай «смерці Аўтара» зварот да гэтай тэмы гучыць сёння як нясмелая спроба «пасмяротнай» рэабілітацыі фігуры Аўтара – ва ўмовах, калі сама спецыфіка культурнай вытворчасці робіць магчымасць арыгінальнага выказвання калі не зусім прывіднай, дык, ва ўсялякім выпадку, праблематычнай. Практыкі плагіяту, дыгітальнага пірацтва, «перапостынгу» чужых думак у сацыяльных сетках, культура рымэйкаў і рэміксаў, фотажаб і «мемаў», імкліва ўзрастаючая праліферацыя тэкстаў і вобразаў і, нарэшце, непазбежная камадыфікацыя якога заўгодна арыгінальнага мастацкага жэста – дэвальвавалі каштоўнасць «самавітага слова» ўва ўсіх сэнсах. Зрэшты, «якая розніца, хто кажа», – як сказаў нехта (Мішэль Фуко)…
Поспех аўтара тэксту сёння вымяраецца колькасцю «лайкаў», і яго хуткаплыннасць ёсць своеасаблівай нормай Інтэрнэт-культуры, якая штораз болей паскарае працэсы абмену інфармацыяй. Далей, інтэртэкстуальнасць – ужо не толькі і не столькі катэгорыя літаратуразнаўчага аналізу, якая легітыміруе механізмы невідавочнага цытавання ў культуры, але таксама і прынцып, на якім угрунтаваныя тэхналагічныя рашэнні: літаратурная метафара канвертавалася ў праграмны прадукт, які дазваляе генераваць тэксты на аснове глабальнага лічбавага архіва. Эстэтыцы серыйнасці варта ў гэтым кантэксце надаць асобную ўвагу, таму што капіяванне, рэпрадукаванне і тыражаванне ўжо вядомых прыёмаў і сюжэтаў (першапачаткова пазначаных пячаткай аўтарства) у грунце рэчы ператварылася ў дамінантны спосаб вытворчасці культурных тэкстаў. Урэшце, у ролі «аўтара» сёння выступаюць рэкламныя капірайтары, кінапрадзюсары, стваральнікі медыйных фарматаў, палітычныя спічрайтары і ўсе тыя, хто, з аднаго боку, нязменна апынаецца ў ценю прадаванага «прадукту», а з іншага – усё-ткі здольны на нешта большае, чым бессаромнае выкананне найпрасцейшай аперацыі «cut, copy and paste».
Ідэя аўтарства, пачынаючы ад моманту яе зараджэння ў еўрапейскай культуры, заўжды была непарыўна спалучаная з ідэяй уласнасці. З’яўленне ў 18 стагоддзі аўтарскага права замацавала гэтую лучнасць на заканадаўчым узроўні. Уяўленне пра аўтарства як «знак», які каштуе вялікіх грошаў, ёсць падставовым для сучаснай эканомікі, а крэатыўнасць ператварылася ў найбольш запатрабаваны «тавар» на рынку працы. Ідэя інструменталізацыі творчага мыслення індывіда (адоранага фантазіяй, уяўленнем і гатовасцю да нестандартных рашэнняў) ёсць, мабыць, самым хітрым вынаходніцтвам позняга капіталізму: пастаўленая на паток, «крэатыўнасць» адных прыносіць немалыя дывідэнды іншым, яна абумоўлівае каштоўнасць тавару, аднак сцірае аблічча і почырк аўтара «крэатыўнай ідэі».
Такім чынам, аўтарскія ідэі сёння маюць як ніколі высокі кошт: іх ахоўваюць выдаўцы, капірайтары, юрысты, прадзюсары, навуковыя інстытуцыі. Але ж ці абараняе «аўтарскае права» саміх аўтараў? І чаму аўтарства абавязкова трэба «абараняць»? І галоўнае – ці не ёсць гэтая практыка анахранізмам, што стрымлівае вольны распаўсюд ідэй і ведаў у эпоху сеткавай культуры?
Эпоха Web 2.0, што надышла, радыкальным чынам змяніла панятак аўтарства: збылося прароцтва Вальтэра Беньяміна, які пісаў, што ва ўмовах распаўсюджання мас-медыяў «чалавек чытаючы» здольны ў кожны момант зрабіцца чалавекам «пішучым». У кіберпрасторы фактычна кожны індывід патэнцыйна робіцца аўтарам. Кайданы прыватнай уласнасці – разбуральныя для культуры, а ў эпоху глабальнай сеткавай культуры – тым болей. Пірацтва, фэндамныя суполкі і іншыя формы актыўнай рэцэпцыі выходзяць за межы простага спажывання – яны ёсць формай стварэння новага кантэнту. У пэўным сэнсе дыгітальнае аўтарства месціцца па той бок эканамічных абменаў пры капіталізме: калі гэта і эканоміка, то, хутчэй, эканоміка «дарунку», якая не дае прыбытку і не абароненая законам аб аўтарскіх правах, бо гэты тып аўтарства склаўся як практыка адпрэчвання і парушэння цяперашніх норм абароны аўтарскіх правоў. Гэта форма су-творчасці ў прасторы вольнай культуры, на якую катэгорыя капірайту не распаўсюджваецца.
Мы прапануем таксама разгледзець праблему аўтарства і ў шырэйшым, можна сказаць, – экзістэнцыяльным сэнсе. Бо магчыма ж быць аўтарам не толькі тэксту, але і ўчынку, альбо падзеі, альбо ўласнага жыцця – як найбольш значнага творчага «праекта» для кожнага з нас…
Такім чынам, наш праект – гэта запрашэнне да роздуму пра дылемы аўтарства ў сучаснай культуры, але таксама і да су-ўдзелу, і да су-творчасці ў фармаце міжасабовай камунікацыі. Нашыя майстар-класы ёсць пэўнага кшталту лабараторыяй творчага мыслення, а лекцыі па гісторыі мастацтва ці новых медыях дазволяць абмеркаваць пытанне пра тое, якім чынам магчымы суб’ектыўны погляд на гісторыю мастацтва (не зважаючы на той факт, што шмат якія творы мастацтва ўспрымаюцца сёння намі як здратаваныя поп-культурай, ператвораныя ў абгорткі ад цукерак і растыражаваныя рэкламныя вобразы). Апроч таго, у сітуацыі, калі практыка ўкаранення адукацыйных стандартаў мае сваім наступствам амаль поўнае сціранне асобы ва ўніверсітэцкай адукацыі – і «аўтар курса» ў лепшым выпадку часцяком ёсць яскравым выканаўцам няўласных тэкстаў, а выкарыстанне «платформ» і «абалонак» у адукацыйным працэсе зводзіць працэс навучання да эфектыўнага засваення тэхналогій, – атрыманне ведаў з першых рук і ў атмасферы няспешнага дыялогу абарочваецца безумоўнай каштоўнасцю.
Альміра Усманава,
аўтар і куратар праекта