Спецыяльная рубрыка: Кіно/канвеер

Кіно/канвеер

08.04 – 30.04

Гісторыя “вялікага экрана” і камерцыйнага кінематографа пачалася ў 1985 годзе з дакументальнага кароткаметражнага фільма братоў Люм’ер “Працоўныя пакідаюць фабрыку” (La Sortie de l’usine Lumière à Lyon). Кінакамера фіксуе, як працоўныя – мужчыны і жанчыны – выходзяць з будынка завода Люм’ер, але сам працоўны працэс застаецца па-за кадрам. Адсутнасць працы ў прасторы аднаго з першых фільмаў стварае нагоду для разумення працы як даволі спецыфічнага аб’екта рэпрэзентацыі, які непасрэдна залежыць ад яе ідэалогіі і тэхналогіі.

У межах праграмы “Кіно/канвеер” мы прапануем звярнуцца да абмеркавання і крытычнага п(е)рагляду фільмаў, якія пэўным чынам фармуюць нашае ўяўленне і стаўленне да розных тыпаў працы і працы як такой, маскіруючы і/альбо артыкулюючы “працу ідэалогіі” – узаемасувязі паміж эканамічнымі дачыненнямі, палітычнымі інтарэсамі і эстэтычнымі канвенцыямі кінематографа.

У гэтым выпадку цэнтральным становіцца не вопыт візуальнага задавальнення, але магчымасць атрымання аслоды ад кінатэкста па сродках яго адчужанага і дыстанцаванага прачытання. Менавіта таму кожны кінапаказ праграмы “Кіно/канвеер” суправаджаецца і дапаўняецца каментаром запрошаных гасцей фестывалю.

08.04.2016

20:30 “Кінааматар”/”Amator”, 1979, Польшча, 108 хв. Кшыштаф Кеслёўскі
Прадстаўленне фільма і каментар – Аляксандра Ігнатовіч

Фільм распавядае гісторыю Філіпа, які набывае 8мм камеру, каб здымаць дачку, але ў хуткім часе сутыкаецца з афектамі, якія праца кінаапарата выклікае ў яго атачэнні і жыцці.

09.04.2016

19:00 -“Раннія працы”/”Rani radovi”, 1969, Югаславія, 87 хв. Жэлімір Жыльнік
Прадстаўленне фільма і каментар – Аляксандра Ігнатовіч

Вандроўка групы маладзёнаў – трох хлапцоў і дзяўчыны Югаславы – дазваляе ўбачыць класавыя і сацыяльныя супярэчанні дзяржаўнага сацыялізма ў Югаславіі сярэдзіны 60-х гадоў 20-га стагоддзя. Лад жыцця маладых рэвалюцыянераў, сялян і працоўных, якіх яны сустракаюць на сваім шляху, ставіць пад пытанне магчымасць прамога выкарыстання ідэй і рэторыкі Маркса і Энгельса і прыводзіць галоўных персанажаў да трагічнага фінала.

12.04.2016

20:30 Кінапаказ-тандэм – два фільма праз асаблівае падабенства аб’яднаныя ў адзін з агульным дэвізам: “Зразумець невыноснасць відовішча вытворчага фільма”.
Даўжыня кінапаказа – каля гадзіны.
“Прэмія”/”Премия”, 1974, СССР, 85 хв.Сяргей Мікаэлян
“Начная змена”/”«Ночная смена», СССР, 1970, 88 хв. Леанід Менакер
Прадстаўленне фільмаў і каментар – Андрэй Горных

Сцэнарыстам абодвух фільмаў з’яўляецца Аляксандр Гельман – драматург, сцэнарыст, грамадскі і палітычны дзяяч СССР і РФ, працы якога артыкулююць механіку сацыяльнага жыцця ў СССР.

16.04.2016

18:00 “Беспрацоўны з Клошмэрля”/”Безработный из Клошмерля”/ Le Chômeur de Clochemerle, 1957, Францыя, 92 хв. Жан Буаё (Жан Буайе)
Прадстаўленне фільмаў і каментар – Ксавье ле Торрывелек, аташэ па навуцы амбасады Францыі ў Беларусі

Што можа адбыцца ў невялікім горадзе, калі там з’явіцца першы афіцыйны беспрацоўны?

25.04.2016

20:30 “Спадарычна Ф”/ Signorina F, 2007, Італія, 104 хв.
Прадстаўленне фільма і каментар – Давідэ Ламбардо

29.04.2016

20:30 Праграма “Праца і аніматограф”
Прадстаўленне фільмаў і каментар – Альміра Усманава

30.04.2016

16:00 Прадстаўленне фільмаў і каментар – Тацяна Арцімовіч і Агнешка Вішневска